16.08.2019 10:49

Фактары поспеху «Гарадзілава» і «Хоўхлава»

Тры камбайнавыя экіпажы з ААТ «Гарадзілава» і адзін з ААТ «Хоўхлава» першымі ў раёне намалацілі больш за дзве тысячы тон збожжа новага ўраджаю. Віншавалі перадавікоў непасрэдна ў гаспадарках.

Шмат фота: тут

Як адзначыў старшыня Маладзечанскага райвыканкама Юрый Горлаў, такія дасягненні — безумоўны поспех аграрыяў Маладзечаншчыны. Сёлета ўпершыню камбайнавыя экіпажы мелі магчымасць намалаціць дзве і больш тысячы тон збожжавых і зернебабовых (без іншых сельскагаспадарчых культур). Гэта стала магчымым дзякуючы стараннай падрыхтоўцы да жніва і плённай працы ўсіх удзельнікаў уборачнай кампаніі.

З гэтым згодная старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі ААТ «Гарадзілава» Часлава Белая.

— У гаспадарцы наладжана эфектыўнае ўзаемадзеянне ўсіх службаў і падраздзяленняў, — гаворыць Часлава Казіміраўна. – Работнікам своечасова выдаюцца спецабутак і спецвопратка. Для ўсіх, хто задзейнічаны на жніве, было арганізавана гарачае харчаванне. Перадавікам прадугледжаны меры матэрыяльнага заахвочвання. На высокім узроўні тэхнічнае абслугоўванне машынна-трактарнага парку, а таксама тэхналагічнага сельскагаспадарчага абсталявання. Усё гэта дазво-
ліла паказваць у рабоце высокія вынікі.

Субяседніца падкрэсліла, што сярэдняя ўраджайнасць збожжавых у «Гарадзілаве» склала 62,2 цэнтнера з гектара. Па гэтым паказчыку таварыства лідзіруе сярод гаспадарак Маладзечаншчыны. Важна і тое, што «двухтысячнікамі» сталі два маладзёжныя камбайнавыя экіпажы.

— Вялікую ўвагу мы ўдзяляем замацаванню ў вёсцы маладых кадраў. Моладзь атрымлівае дастойную заработную плату, ёй прадастаўляецца жыллё, ствараюцца годныя сацыяльна-бытавыя ўмовы. Дзякуючы гэтаму вырашаецца кадравае пытанне на перспектыву, — паведаміла Часлава Белая.

Мы папрасілі Аляксандра Сцефановіча і Яўгенія Гнілазуба падзяліцца сваімі ўражаннямі аб жніве і расказаць пра далейшыя планы. Гэта адзін з мала-
дзёжных камбайнавых экіпажаў, які пераадолеў двухтысячны рубеж у намалоце збожжа новага ўраджаю. У адной камандзе хлопцы працуюць трэці сезон і ў будучыні мяняць склад экіпажа яны не плануюць.

— Найбольш цяжка дасталася першая тысяча, — зазначыў Аляксандр Сцефановіч. – Другую ўзялі на адным дыханні. Галоўнае, не падводзілі надвор’е і тэхніка. Прастою камбайна з-за няспраўнасці не было. Лічу, што сакрэт поспеху камбайнераў — зладжанасць экіпажу, высокая ўраджайнасць і надзейная работа тэхнікі.

Яўгеній Гнілазуб дадаў, што з завяршэннем жніва палявыя работы не заканчваюцца. Механізатарам трэба рыхтаваць глебу пад сеў азімых, прымаць удзел ва ўборцы агародніны. Узяты тэмп яны збаўляць не збіраюцца.

Гаспадаркі, дзе з’явіліся першыя на Маладзечаншчыне «двухтысячныя» камбайнавыя экіпажы, знаходзяцца адна ад другой непадалёк. Пры гэтым урадлівасць глеб у ААТ «Хоўхлава» горшая. Тым больш ганарова мець тут высокія працоўныя дасягненні.

— Працуем на вынік, стаўку робім на прафесіяналізм работнікаў, навукова абгрунтаваную арганізацыю працы, — падкрэсліў галоўны аграном таварыства Леанід Давідзёнак. — На палях прымяняецца эфектыўная схема севазвароту, угнаенні ўносяцца своечасова і ў патрэбнай колькасці. Да таго ж падбіраюцца сарты сельскагаспадарчых культур, найбольш прыстасаваныя да канкрэтных умоў. Гэта дазваляе атрымліваць стабільна высокія ўраджаі.

Агранамічныя ўмовы гэтага года спецыяліст ахарактарызаваў як нядрэнныя. У патрэбны перыяд вільгаці было дастаткова, што дало дадатковую прыбаўку ўраджаю.

 

Прочитано 115 раз
Алег Бяганскі

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить